УО́ЛІС І ФУТУ́НА АСТРАВЫ́, Валіс і Футуна Астравы (Wallis et Futuna íles),

заморская тэрыторыя Францыі ў зах. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 274 км². Нас. 15,3 тыс. чал. (2000). Адм. цэнтр — Мата-Уту (на в-ве Увеа ў групе а-воў Уоліс). Афіц. мова — французская, выкарыстоўваецца увеа. Нац. свята — дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Прырода. Астравы вулканічнага паходжання. У іх складзе — група Уоліс з в-вам Увеа (пл. 60 км², выш. да 145 м) і 22 дробнымі астравамі, група Футуна (Хорн) з а-вамі Футуна (пл. 64 км², выш. да 760 м) і Алофі (шт. 51 км², выш. да 400 м). Клімат трапічны пасатны. Сярэднямесячныя т-ры — 25—26 °C. Ападкаў за год да 3000 мм. На а-вах Футуна і Алофі шмат невял. рэк і ручаёў, на в-ве Увеа вадацёкі пераважна каля ўзбярэжжа. Глебы вулканічныя і фералітныя, урадлівыя. Астравы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі, шмат дрэвападобных папарацей. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — палінезійцы, падзяляюцца на увеа (больш за 65% насельніцтва) і футуна. Невял. група еўрапейцаў (французаў). Вернікі пераважна католікі. Сярэднегадавы прырост 1,7% (2000). Сярэдняя шчыльн. 55,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены в-аў Увеа. 22 дробныя астравы не маюць пастаяннага насельніцтва. Асн. населены пункт — Мату-Уту (каля 1 тыс. чал.). Эміграцыя на Новую Каледонію і Вануату.

Гісторыя. А-вы У. і Ф. заселены палінезійцамі з а-воў Самоа ў 1-м тыс. н.э. У 1616 галандскія мараплаўцы Я.Лемер і В.​К.​Схаўтэн адкрылі а-вы Футуна, якія назвалі Хорн; у 1767 англ. мараплавец С.​Уоліс адкрыў астравы, якія названы яго імем. У 1842 Францыя падпарадкавала а-вы Уоліс і ў 1887 абвясціла іх сваім пратэктаратам; у 1888 франц. пратэктаратам сталі а-вы Футуна. З 1917 У. і Ф. а-вы — адзіная калонія Францыі, з 1961 — яе заморская тэрыторыя.

Гаспадарка. Слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 2 тыс. дол. за год (1997). Гал. галіна — трапічнае земляробства, пераважна вырошчванне какосавай пальмы. На мясц. патрэбы вырошчваюць хлебнае дрэва, ямс, тара, маніёк, батат, бананы, цукр. трыснёг і інш. Гадуюць невял. колькасць коней, свіней, коз, буйн. раг. жывёлы, птушак. Рыбалоўства (улоў каля 1 тыс. т штогод). Нарыхтоўка копры і драўніны. Здабыча і апрацоўка перламутравых ракавін. Рамесніцкія майстэрні па вытв-сці цыновак і тапы (матэрыі з лубу). Транспарт марскі, аўтамаб., паветраны. Гал. марскі порт — Мата-Уту. Даўж. аўтадарог 120 км. Міжнар. аэрапорт на в-ве Увеа. У 1999 экспарт склаў 250 тыс. дол., імпарт — 300 тыс. дол. У экспарце пераважаюць копра, хлебнае дрэва, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары, паліва, трансп. сродкі. Гал. гандл. партнёры: Францыя, Аўстралія, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім акіяне.

т. 16, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)